Все игры
Запись

К 65-летию Победы. повесть М. Кукуть АДНАВЯСКОЎЦЫ


Дзякуючы нашым дзедам і бацькам 65 год не гучаць выбухі гармат на роднай зямлі. З’едлівы дым ад спаленых чужаземцамі хат не засцілае вочы. Не чуем малебных стогнаў маці, прыціскаючых да грудзей сваё дзіця, каб захаваць ад смерці ў ахопленым полымем будынку.
Смерць і разбурэнне прынеслі на нашую спакойную зямлю фашысты ў 1941 годзе. За гады суровай вайны ад рук катаў загінуў кожны трэці беларус, і з іх большай частка — мірныя жыхары. Каб больш ніколі не паўтарылася падобнае, мы павінны помніць, шанаваць памяць тых, хто загінуў ад рук фашысцкіх захопнікаў, узносіць пашану ветэранам, адваяваўшым у свяшчэнных баях нашае права на незалежнае мірнае жыццё.
Шаноўныя землякі, выношу на ваш суд аповесць, напісаную паводле расказаў маіх аднавяскоўцаў (некаторых з герояў я ведаў асабіста). Хачу данесці праз яе да чытача дух таго часу, расказаць пра трагічны лёс простых сялян, маіх землякоў. Іх прозвішчы не сустрэнеш у хроніках, але яны ў вайну праяўлялі мужнасць, разважную церпялівасць, хай не на полі бою, а ў працы, вырошчваючы адвечна святы хлеб на заняволенай зямлі, і з імі захопнікі вымушаны былі лічыцца. Многія бязвінна загінулі, не дачакаўшыся вызвалення. На мой погляд гэтыя людзі абавязкова заслугоўваюць таго, каб пра іх помнілі.
Таксама хачу папярэдзіць чытача, аповесць не строга дакументальная, хоць апісаныя падзеі мелі месца, імёны і прозвішчы некаторых герояў у ёй зменены.
Свае водгукі і заўвагі прашу дасылаць на адрас рэдакцыі раённай газеты. Буду за іх вельмі ўдзячны.

Аўтар



Міледзій Кукуць



АДНАВЯСКОЎЦЫ



Пра вайну з Германіяй у 1941 годзе ў вёсцы Белеўцы, што на міёршчыне, людзі даведаліся амаль што ў першы дзень.
Гэту нядобрую вестку прынёс у вёску Юлясёў сын, падлетак Ігнась, а пачуў ён яе па радыёпрыёмніку.
Юлясь Рынкевіч жыў на хутары, амаль за вярсту ад вёскі. Яго вялікая хата, зрубленая на гладкі вугал, стаяла на ўзгорку, і яе дах з чырвонай чарапіцы далёка бачыўся з-за вершалін дрэў, зацяняўшых будынак. Хату Юлясь збудаваў нядаўна на зямлі, якую пры Польшчы купіў яму ў стэфаноўскага пана бацька, вядомы ў вёсцы і за яе ваколіцай каваль.
Юлясь не панаваў, але жыў нябедна, меў усё для пражыцця. Радыёпрыёмнік каштаваў вялікія грошы, ды Юлясь не пашкадаваў іх, прадаўшы трохгадовага жарабка, набыў радыё ў варшаўскіх купцоў. Як яго навучылі дасведчаныя людзі, нацягнуў на дзве даўжэзныя жардзіны антэну з меднага дроту, падключыў батарэю сілкавання, і на вялікае дзіва ўсім радыё загукала. Хаця не зусім выразна, прымала пару радыёстанцый з Польшчы і Расіі. Бывала, вечарамі набівалася поўная хата вяскоўцаў, каб на свае вушы паслухаць, што робіцца ў свеце. Патэфоны былі ўжо па вёсках у многіх, а вось радыё з жывым голасам для ўсіх было навіной і адно на ўсю ваколіцу. Гэтым вельмі ганарыўся Юлясь.
Першыя адгалоскі вайны ў Белеўцы данесліся на дзесяты дзень. З захаду, з поўдня чуўся гул ад стрэлаў гармат, ад выбухаў, і ноччу было бачна зарава ад пажараў. Некалькі разоў над вёскай з ровам праляталі звеннямі нямецкія самалёты, здалёку бачыліся намаляваныя на крылах крыжы. Было чутна пасля, як яны скідвалі бомбы.
Фронт пайшоў на ўсход, не закрануўшы вёску, якая непрыкметна тулілася ў вянку векавых дубоў і кучаравых бяроз водаль ад бальшакоў, упрытык з балотамі. За вёскай на ўсход не было аніякіх дарог, а толькі некалькі палявых сцежак. Яны, абгінаючы нізіны, вялі ў зараснікі кустоў, дзе на ўскрайку балота ўзвышаўся над ім яловы лес у перамежку з асінавымі і бярозавымі палянамі.
За грывай лясоў пачынаўся славуты Вялікі Мох з люстэркамі шматлікіх азёр і непадступных лясных астравоў. Сюды ўлетку, каб набраць журавін ці павудзіць рыбу, мог дабрацца толькі дасведчаны чалавек з-за небяспекі праваліцца ў бяздонныя вокны дрыгвы.
Першых нямецкіх салдат вяскоўцы ўбачылі, калі фронт быў ужо далёка на ўсходзе. Яны прыехалі ў пачатку верасня на пяці матацыклах з люлькамі, па тры чалавекі ў кожным. Узняўшы клуб пылу, немцы праехалі ўсю вёску наскрозь і, рязвярнуўшыся ля Кухальскага пуні, пад’ехалі да будынку пачатковай школы, які стаяў водаль ад дарогі ў цені ліп. Сярод салдат быў афіцэр, і вакол яго кружыўся чалавек у цывільнай вопратцы. Як пасля высветлілася, гэта быў перакладчык, былы настаўнік нямецкай мовы з Міёр па прозвішчу Ластоўскі. Сын таго пана Ластоўскага, які збег разам з палякамі ў верасні 1939 года перад самым прыходам Чырвонай арміі. А вось сын яго, незразумела чаму, застаўся ў Міёрах і пры Саветах уладкаваўся на працу настаўнікам.
Падчас прыезду немцаў у школе праходзілі заняткі, але, пачуўшы рокат матораў матацыклаў, настаўнік спыніў урок, і ўсе затоена праз вокны назіралі за прыехаўшымі. Немцы, размаўляючы на незразумелай мове, злезлі з матацыклаў, абтрэслі пыл з плашчоў і касак.
Чалавек у цывільным узбег на ганак школы і зайшоў у клас. Дзеці, як мышы, разбегліся па сваіх месцах за сталамі, і па знаку настаўніка ўсталі, хорам павіталіся з госцем. Іосіф Антонавіч, настаўнік Белеўскай школы, адразу пазнаў прыезжага, яны не аднойчы сустракаліся ў раёне на настаўніцкіх нарадах.
Павітаўшыся, Ластоўскі строга наказаў:
— Дзеці, сёння больш заняткаў не будзе, ідзіце хутчэй дадому і скажыце бацькам, суседзям, каб не менш аднаго чалавека з кожнай хаты праз гадзіну былі тут, у школе. Для знаёмства з новай уладай.
Вучні, як пчолы з вулля, з торбамі высыпалі на школьны панадворак і кінуліся бягом да сваіх хат, каб наказаць пра пачутае патрабаванне.

Юлясь адорваў бульбянку, калі прыбег дахаты запыханы Ўладзюк, яго малодшы сын, які скорагаворкай выпаліў.
— Тата, там немцы прыехалі і завуць усіх у школу. Сказана, каб з кожнай хаты быў чалавек.
— Прынесла іх нялёгкая ўпільніцу, — буркнуў пад нос незадаволены Юлясь, але выпраг каня, навязаў яго на прыроўку і, надзеўшы лепшы кулёк, пайшоў да школы.
Вёска Белеўцы з хутарамі налічвала каля 150 двароў. Гледзячы на пакошаныя хаты з саламянымі стрэхамі, што стаялі адна ля адной шчыльна, амаль упрыцірку, можна было рабіць выснову, што іх гаспадары ў большасці сваёй беднякі, беззямельная басота.
“Дзякуй Богу, у мяне гаспадарка адладжана,” — разважаў Юлясь, ідучы да школы.
Калі ён ажаніўся, бацька купіў яму 22 гектары зямлі. Жонка Габруня была з небагатай сям’і, але нішто прыгожая і дужа працавітая, — у хаце і на ніве не было ёй роўных.
Пад час сенакосу, жніва ці на іншыя работы, калі не ўпраўляўся сам, наймаў чаляднікаў. Яны любілі ў яго працаваць, бо смачна карміў і добра плаціў. Не ў кожнага пана маёнтак быў пакрыты чарапіцай, а Юлясь адразу накрыў ёй дах сваёй новай хаты.
Перад самым прыходам Саветаў у вастравецкага пана Анецькі дакупіў дзешава яшчэ восем гектараў зямлі з невялікай імшарай. Меў тры кані і выязднога рысака, гадаваў свіней, мяса якіх прадаваў. Пры Польшчы — варшаўскім купцам. Пры Саветах вазіў свініну на кірмаш у Лужкі.
“А што будзе зараз, пры немцах?” — разважаў Юлясь. — “Хаця б, як пры Польшчы, пры ёй клопатаў з уладай не меў.”
Саветы Юляся намучылі са сваімі калгасамі, вось жа ўдумалі што: аддаць ім зямлю, жывёлу. А як cамому жыць? Дзякуй Богу, не паспелі, пачалася вайна з немцам. Якому бедняку, беззямельнаму, яму ўсё роўна, можна і ў калгасе жыць, абы пракарміць сям´ю, а гаспадару — не. Як гэта можна з такой цяжкасцю нажытае аддаць за “так”? Не па-Боску, не справядліва гэта, — Юлясь быў упэўнены. У думках ён не заўважыў, як падыйшоў да школы. Тут ужо тапталіся, акрамя прыехаўшых немцаў, каля сотні вяскоўцаў, і людзі ўсё яшчэ падыходзілі.
Калі ўсе сабраліся, чалавек у цывільным дастаў з кішэні ліст паперы і пачаў рабіць з яго падворную пераклічку. Як на дзіва, з кожнай хаты абавязкова нехта быў. Аб гэтым, мабыць, Ластоўскі і даклаў афіцэру. Той узняўся на школьны ганак і, каб усе чулі, гучна, стаў казаць па-нямецку. Ластоўскі стаяў збоку ля яго і перакладаў.
— Людзі, настаў час, калі германскае доблеснае войска вызваліла вашу вёску ад бальшавіцкай напасці. На змену Саветам, якія неслі з сабой багахульства і разарэнне, прыйшоў нямецкі парадак. Салдаты фюрэра вызвалілі вас ад сталінскага гнёту, і цяпер вы, каб жыць годна, павінны быць паслухмянымі германскай уладзе. Толькі тады вы і вашы сем´і будзеце сытымі і шчаслівымі. Хто гэта не будзе выконваць, той панясе кару. З сённяшняга дня вы павінны працаваць на непераможную германскую армію, якая нясе людзям вызваленне ад камуністычнай чумы.
Афіцэр аб нечым перамовіўся з Ластоўскім, і перакладчык аб´явіў.
— А зараз мы павінны прызначыць старасту вёскі. І ім будзе Рынкевіч Юлясь, граматны чалавек, гаспадар, які мае павагу сярод аднасяльчан.
Людзі гэтую вестку прынялі моўчкі. Адзін Юлясь выцер шыю ад поту і нешта паспрабаваў запярэчыць. Але Ластоўскі абсек яго.
— І з сённяшняга дня да вас праз Рынкевіча будуць даводзіцца ўсе загады і патрабаванні новай улады. А яго словы ад імя германскага ўраду для ўсіх астатніх — закон, які вы павінны выконваць безагаворачна. На кожнай хаце вывесіць таблічку з прозвішчам гаспадара і колькасцю пражываючых чалавек. Калі хто мае зброю ці радыёпрыёмнік, неадкладна здаць у Міёрскую камендатуру. А зараз можаце разыходзіцца па хатах. Застаюцца тут стараста Рынкевіч і Даргель Іван.
Ад нечаканасці Юлясь не мог прыйсці да сябе, у галаву гнятліва лезлі нядобрыя думкі. Чаму менавіта яго, як ён прадчуваў, напаткала гэтая бяда? У роздуме, патупіўшы галаву, ён пайшоў следам за афіцэрам у будынак школы.
Янку сказалі пачакаць на вуліцы.
— Ты, Даргель, зойдзеш, калі выйдзе стараста.
У класе нямецкі афіцэр, сеўшы за стол, выняў з сумкі паперы. На нямецкім бланку са свастыкай было напісана Юлясёва прозвішча. Са страху Юлясь не спытаў, што гэта за папера, а па ўказцы афіцэра дрыготкай рукой распісаўся ў ёй.
Потым афіцэр нешта сказаў Ластоўскаму, і той запытаўся ў Юляся.
— Ці ёсць у вёсцы камуністы, камсамольцы, былыя чырвонаармейцы і колькі жыдоўскіх сем´яў.
— Няма, — гледзячы прама ў вочы нямецкаму афіцэру, коратка адказаў Юлясь. І ён не зманіў: ні тых, ні іншых у вёсцы не было.
— Так, — паказаў пальцам на Юляся Ластоўскі, — ты падпісаў дагавор, з якога сведчыць, што з сённяшняга дня з´яўляешся адказным перад германскай уладай за ўсё, што робіцца ў вёсцы. Усе неадкладныя пытанні будзем вырашаць праз цябе. На гэтым тыдні ў чацвер ты павінен прыехаць у Міёры на сход зноў выбраных старастаў вёсак, там у валасной управе вам растлумачаць падрабязна абавязкі.
“За што менавіта мяне пакараў так Божа, у чым я прад ім так вінаваты? Хай бы жыў, як усе людзі…” — Мільгалі думкі ў Юлясёвай галаве, калі крочыў да хаты


Янкавы бацькі сваёй зямлі не мелі, працавалі на запашцы ў пана. Дзяцей было пяць сыноў і дзве дачкі. Янка быў з усіх самы малодшы.
Калі сыны выраслі, у хаце паспела пытанне “Што рабіць?” Зямлі сваёй няма, і пакасіўшаяся ад часу хаціна стала цеснай ужо для такой сям´і.
Аднойчы зімой у Белеўцах з´явіўся чалавек, які вербаваў вясковую моладзь на завод у Рыгу, абяцаў вялікія грошы. Заехаў ён і ў хату Барнася. Выслухаўшы яго, бацька пазваў трох старэйшых сыноў, а ім было ўжо за васемнаццаць.
— Вось прыехаў чалавек з Рыгі, прапануе працу. Кажа, ужо згадзіліся Чарняўскага сыны з Вусаўцаў, едзьце і вы разам, калі верыць гэтаму чалавеку, за два гады вы ўтрох можаце зарабіць вялікія грошы. І, калі дапаможа Бог, купім зямлю, збудуем хату, — не век, мабыць, у батраках хадзіць.
Так браты з надзеяй на заробкі паехалі следам за вярбоўшчыкам. Янку ў той час было восем гадоў, улетку ён пасвіў чужую жывёлу за мізэрную плату, а зімой хадзіў у школу.
З “вярбоўкі” вярнуліся браты не праз два гады, як першапачаткова дамовіліся з вярбоўшчыкам, а праз тры з паловай. Увесь гэты час яны працавалі на хімічным заводзе недзе пад Рыгай. Як і абяцалася, прывезлі немалыя грошы, золатам. Склаўшыся, у той жа год яны адкупілі ў востраўскага пана 23 гектары зямлі непадалёку ад Белеўцаў, і ўжо на сваёй зямлі збудавалі на два канцы хату, загадавалі жывёлу. Здавалася б, можна было пачынаць радавацца жыццю. А вось і не давялося. Праз год захварэў на чахотку і памёр сярэдні брат Юзік. Да самай смерці стары Барнась не мог сабе дараваць, каючыся перад Богам: “Гэта мой найвялікшы грэх — паслаць сыноў на пагібель.” Атрутныя рэчывы, з якімі давялося працаваць братам, далі аб сабе знаць. Яшчэ праз год пачаў кашляць крывёй і неўзабаве памёр старэйшы Арсен, а праз тры гады, ужо будучы жанатым, памёр ад сухотаў і Фёдар.
З сыноў засталіся Ўладзюк і Янка. Дзяўчаты павыходзілі замуж за мясцовых хлопцаў. Уладзюк больш быў ля старога бацькі, дапамагаў па гаспадарцы. А Янка хадзіў у школу і быў здольным да навукі. Граматна пісаў на польскай і рускай мовах, добра ведаў родную беларускую мову, пісаў прыгожа, па-пісарскаму. Таму па прапанове настаўніка бацька паслаў яго вучыцца далей, у Новы Пагост, дзе была сярэдняя школа. Янка правучыўся там тры гады, і вымушаны быў пакінуць школу, бо знямог бацька. За вучобу плаціць было нечым, наадварот, патрабавалася дома дапамога.
Граматных людзей было ў той час няшмат, і Янка без цяжкасцяў уладкаваўся ў Новым Пагосце пісарам да вуйта. За працу плацілі няблага, здараўся і прыработак, калі людзі звярталіся да яго за дапамогай скласці тую ці іншую казённую паперу, за што разлічваліся злотымі. Усё было б добра, але ўвосень 1939 года прыйшлі Саветы, і Янка застаўся без пісарскай працы, апошні час толькі што дапамагаў дома па гаспадарцы. Не прайшло двух гадоў, як вось зноў змена ўлады, прыйшлі немцы, якія чамусьці зацікавіліся яго асобай…
У класе нямецкі афіцэр сядзеў за настаўніцкім сталом, а Ластоўскі стаяў побач, і ён задаваў Янку пытанні, потым перакладаў адказы на нямецкую мову.
— Твае імя і прозвішча, калі і дзе нарадзіўся? Хто твае бацькі? Якая адукацыя?
— Даргель. Іван. Браніслававіч. 1920 года нараджэння, бацькі з сялян аднаасобнікаў, адукацыя 7 класаў.
— Што рабіў пры Саветах? Ці меў знаёмствы з камуністамі, камсамольцамі?
— Не, знаёмстваў не меў, працаваў на сваёй гаспадарцы.
— Прыедзеш са старастам праз тры дні ў Міёры на суразмову ў паліцэйскую ўправу. Зразумеў?
— Добра, — крыху падумаўшы, адказаў Янка.
Ён хацеў задаць пытанне, чаго яго туды завуць. Але злавіўшы пагардлівы позірк нямецкага афіцэра, не адважыўся.
— Не забудзься ўзяць з сабой дакументы аб нараджэнні і аб адукацыі, — дадаў Ластоўскі.


У чацвер Юлясь падняўся рана, абышоў жывёлу, запрог у лінейку жарабка і пайшоў у хату перапранацца ў лешае адзенне. Трэба, як загадана было, ехаць у Міёры. Габруня ўжо паставіла на стол сняданак і прыгатавала ў вузельчыку паесці на дарогу. Колькі там пратрымаюць Юляся немцы, невядома, а здарожанаму захочацца паесці.
Дзень выдаўся па-восеньскаму дажджлівы. Мокры вецер праціўна сцябаў дожджам па твары. Ужо ля Дворнага Сяла Юлясь дагнаў Янку, які вёўся з роварам. З-за дожджу дарога была гразнай і коўзкай, на ровары ехаць немагчыма.
— Сядай у лінейку, — павітаўшыся, прапанаваў Янку Юлясь. — А ровар прыладзь ззаду.
— А мо і праўда, дзядзька, дзякую, я зараз, — заспяшаўся Янка.
Далей яны, размаўляючы пра вясковае жыццё, а то моўчкі, ехалі ўдваіх.
Юлясь як прызначаны стараста ведаў, чаго завуць яго ў валасную ўправу. А вось Янка ехаў у здагадках, дурныя думкі лезлі ў галаву. “Можа хто падказаў немцам, што быў разам з камсамольцамі на вечарыне ў Каланіцы, дзе была створана іхняя суполка? Але ж на іхніх сходках ён не прысутнічаў і нічога агульнага з камсамольцамі не меў. Ці мо выкрылася якая памылка, штосьці не так напісаў, будучы пісарам у вуйта?” Заняты думкамі, ён не заўважыў, як мінулі Пад’ельцы, і колы лінейкі загрукалі па бруку Міёрскага тракту. Апошнія гады дарога не рамантавалася, камяні месцамі павыбіваліся, і лінейку, хаця яна была на рэсорах, трэсла, як у ліхаманцы.
Ля касцёла ў Міёрах Юлясь спыніў каня і, зняўшы шапку, тройчы перахрысціўся, гледзячы ўгору на крыжы. Янка таксама зрабіў гэтак, як Юлясь.
Ля паліцэйскага ўчастка, куды яны пад’ехалі, тоўпілася некалькі чалавек у чорных фрэнчах з павязкамі на рукаве. За плячыма ў кожнага вісела вінтоўка. Побач знаходзілася і валасная ўправа. Янка нейкі час важкаўся, баючыся зайсці ў дзверы. У гэты момант, прывязаўшы ўжо жарабка, яго аклікнуў Юлясь. Ён стаяў непадалёку з трымя іншымі мужыкамі, аднаго з іх Янка пазнаў адразу — гэта быў Шэнда з Новага Пагоста, заможны гаспадар, меў свой млын, сыраварню. Пры Саветах усё гэта ў яго канфіскавалі, але зараз, калі прыйшлі немцы, сваё дабро ён забраў назад.
Янка падышоў да іх і павітаўся.
— Ну, што, хлопец, — адразу пачаў Шэнда, які добра ведаў былога пісара гміны, — будзеш працаваць у паліцыі.
— Адкуль вы ўзялі, дзядзька? — здзіўлена запытаўся Янка.
— Я сам прапанаваў Ластоўскаму цябе, ён шукаў пісара, вось і падумаў, што лепшага, як ты, яму не знайсці, досыць граматны, старанны і лішняга балтаць не будзеш. Таму і пазвалі цябе, ідзі, не бойся, там усё раскажаць.
У Янкі адлягло на сэрцы, і як бы ў знак гэтага, на небе разышліся хмары і выглянула сонца.
— Дзякуй, Богу, не арыштоўваць выклікалі, — нячутна, аднымі вуснамі прамовіў Янка, накіроўваючыся да будынка паліцэйскай управы. Там на ганку стаяў паліцай. Ён з хахляцкім акцэнтам запытаў у Янкі.
— Шо тобі трэба, хлопець?
Калі даведаўся, што яму да Ластоўскага, па вызаву, прапусціў у дзверы і паказаў на дзверы начальніка.
— Цэ шапку знімі, не до хліву ідэш.
Янка зняў шапку і падашоў да паказаных дзвярэй. Пераканаўшыся, што ў калідоры нікога няма, ён перахрысціўся і ціхенька пастукаў.
— Заходзьце, — пачулася з таго боку дзвярэй.
За сталом у кабінеце сядзеў лысы здаравяка ў чорным мундзіры, а каля вакна стаяў з папкай у руках Ластоўскі. Адарваўшы погляд ад вакна, убачыўшы Янку, ён адразу пачаў размову.
— Вось, гаспадзін начальнік, прыйшоў Даргель Іван, я пра яго вам дакладваў.
— Помню, помню. Падыдзі бліжэй, — прыказным тонам гэны сказаў Янку, і ў вымаўленні ўгадваўся прыбалтыйскі акцэнт.
Янка зрабіў некалькі крокаў наперад.
— Будзеш працаваць у нас у канцэлярыі пісарам пад началам Ластоўскага. Нямецкую мову ведаеш?
— Слабавата. Чытаць умею, перакладваю са слоўнікам. Але ж, паночкі, змілуйцеся, мо не патраплю я.
— Ну, па-першае, я табе не паночак, а гаспадзін начальнік, а па-другое, калі ўлада даверыла, будзеш працаваць у нас, а не, дык адправім у Германію, будзеш на шахце кіркай вугаль даўбаць.
Янка неяк адразу сцяўся, вінавата глянуў у вочы начальніку паліцыі, а па іх было бачна, што той не жартуе.
— Добра, буду працаваць у вас, — скорана адказаў Янка.
— Давай, Ластоўскі, забірай яго і афармляй на службу, няхай працуе, пад тваю адказнасць.
— Я яго праверыў, гаспадзін начальнік, Даргель па ўсім падыходзіць
— Не памыліся, калі што, за падначаленага галавой адкажаш. Ну, усё, ідзіце. Табе належыць быць на сходзе стараст.
“Во здарылася”, — Янка нават у сне не мог прадбачыць, што з заўтрашняга дня будзе працаваць пісарам у паліцыі. Радавацца гэтаму ці гараваць, ён не ведаў. З аднаго боку, яму даручылі справу, з якой знаёмы па працы ў гміне. Абяцалі, што дадуць вопратку і не малы заробак у нямецкіх марках. З іншага боку, ён зусім не ведаў, якія яны, гэтыя немцы, якая іхняя ўлада? Разанула вочы шыбеніца, устаноўленая ў Міёрах на плошчы. На дошцы бачыў некалькі загадаў для мясцовага насельніцтва з абавязковымі словамі “забараняецца”, “не дазваляецца”, “смяротная кара”, “расстрэл”. Чытаеш такое — мурашкі па скуры бягуць.
“Пры паляках жыццё было таксама не мёд, але хто з галавой, працавіты, той мог жыць з дастаткам. Саветы прыйшлі. За кароткі тэрмін Янка не зразумеў, лепш стала ці хужэй, не зразумеў іх палітыкі. Гаманілі вельмі прыгожа, абяцалі людзям райскае жыццё, але чуткі хадзілі нядобрыя. Што зямлю будуць адбіраць у сялян, жывёлу зганяць у агульны статак. Стваралі нейкія калгасы, у Белеўцах была заснавана арцель імя Варашылава, куды ўступіла толькі беззямельная бяднота. Працавалі на адабранай у паноў зямлі, пабудавалі канюшню, збіраліся збудаваць кароўнік. Гаспадароў-аднаасобнікаў пакуль не чапалі, не паспелі, і дзякуй Богу. Чувалася, што яны ўносяцца ў асобны спіс. Цяпер прыйшлі немцы з іх жорсткімі парадкамі. Выходзіць так, што якая б улада ні прыйшла, селяніну адно чакай бяды”, — раздумваючы так, Янка прыехаў дахаты.


Юлясь вяртаўся з Міёр позна, ужо былі бачны на небе зоркі. Пабыў на сходзе, які праводзіў сам камендант, нямецкі афіцэр. Спачатку чытаў загад Гітлера па-нямецку, Ластоўскі адразу за ім перакладаў. Камендант казаў, што хутка вайне канец, што нямецкае войска ўжо пад Масквой. А пакуль яшчэ ідзе вайна, трэба дапамагаць фронту харчаваннем. Кожнай хаце ў бліжэйшы час давядуць заданне на пастаўку збожжа, бульбы і мяса для фронту ў залежнасці ад колькасці наяўнай зямлі. Да Новага году належыць усё, што будзе прызначана, здаць, а старасты павінны будуць пракантраляваць выкананне гэтага задання. Належыць папярэдзіць насельніцтва, што за невыкананне вінаватыя будуць строга пакараны. Яшчэ казаў, што па лясах засталося шмат недабітых камісараў, чырвонаармейцаў.
— Калі што пачуеце пра іх, калі з´явяцца незнаёмыя людзі, адразу ж далажыце ў камендатуру ці ў паліцэйскі ўчастак. Папярэдзьце ўсіх жыдоў, каб не пакідалі месца жыхарства, — перавадзіў Ластоўскі.
— Калі які стараста не будзе належным чынам выконваць свае абавязкі, то будзе пакараны.
Было зачытана некалькі загадаў каменданта Беларусі, акруговага камісара, але Юлясь з іх запомніў толькі адно: за невыкананне — строгія пакаранні, расстрэл.
З самотай на душы ад пачутага Юлясь заехаўся на гадзіну да швагры, дзе прапусцілі па кілішку самагонкі пад яечню, пагаманілі пра тое-сёе.
Жарабок бег шпарка па знаёмай дарозе, на крутых паваротах Юлясь стрымліваў яго лейцамі.
“Хутчэй бы вайне канец”, — ухутаўшыся ў каптан, разважаў Юлясь. — “А то немцы выцягнуць усе жылы для падтрымкі фронту. Нездарма паставілі шыбеніцу на пляцу.”
Як па сакрэту расказаў швагра, у немцаў на фронце не ўсё так гладка, як яны гавораць. Але ў тым, што немцы перамогуць у вайне, Юлясь не сумняваўся. Бо ён бычыў, калі прыйшлі Саветы, чырвоных байцоў у парваным абмундзіраванні, з вінтоўкамі-трохлінейкамі за плячыма. А немцы ўзброены да зубоў, з імі доўга не наваюеш, рана ці позна, а Чырвоная армія будзе разбіта. Нажаль, радыё давялося закапаць за гародам, каб не забралі немцы, а то быў бы ў курсе ўсіх падзей на фронце.
“Пры Польшчы было добра”, — разважаў Юлясь. — “Давядуць падатак на год, і ўвосень плануеш, як выгадней яго пагасіць, ці збожжам, ці жывёлу прадаць, каб разлічыцца. І потым жывеш сабе спакойна цэлы год. Цяпер жа, пры немцах, пакуль ідзе вайна, бяда чакае яго землякоў”, — душой адчуваў ён.


Надвячоркам прыйшоў Янка на спатканне да сваёй даўняй сяброўкі Анюты. Сташулёнкі, бацькі Анюты, сваёй зямлі не мелі, батрачылі на паноў, таму жылі бедна. Пры Саветах адны з першых уступілі ў калгас. Хата іх стаяла на самым ускрайку вёскі, амаль што ля самага балота. Сама хата мела пануры, непрывабны выгляд, падмурка не было, камяні, якія былі падкладзены пад вуглы, уехалі ў зямлю, перакасіўшы зруб. Саламяная страха даўно не перакрывалася, парасла зялёным мохам. У двух невялікіх пакоях туліліся дзевяць чалавек, бо акрамя Анюты ў яе бацькоў было шасцёра дзяцей, Анюта была старэйшай. Як яны ўсе мясціліся ў маленькай хаце без падлогі, Янку цяжка было ўявіць. Сталяванне звісала так нізка, што ён, будучы сярэдняга росту, біўся аб маціцы галавой, як забываўся прыгнуцца. Таму Янка стараўся ў хату не заходзіць, а выманьваў Анюту на вуліцу, стукаючы пальцам у шыбіну вакна. І яна выбягала да яго на двор, прыгожая, статная, у ружовай сукенцы, густыя чорныя валасы заплецены ў тугую доўгую касу, што звісала на грудзях. Ростам Анюта была толькі крыху ніжэй Янкі. Яны браліся за рукі і ішлі пад старую ліпу, дзе вечарамі збіралася вясковая моладзь. Там устройвалі гульні і танцы, спявалі песні, вадзілі карагоды. Музыкаў сярод маладых не было, і хлопцы за бутэльку самагонкі звычайна прасілі Мацея, якому было пад пяцьдзесят, але ён быў вельмі вясёлы чалавек. Прапусціць чарку, другую, і тады вочы загарацца, і ён гатовы, здавалася, разарваць сваю двухрадку, абы толькі патрапіць маладым вясёлай музыкай.
Моладзь недзе яшчэ толькі збіралася, таму Анюта і Янка, размаўляючы, павольна крочылі ўздоўж вясковай вуліцы. Дзе на лаўках, дзе на бярвёнах сядзелі састарэлыя бабулі, і любаваліся на моладзь, — дагледзяць кожнага, абгавораць.
Калі цяпер праходзілі Анюта і Янка, Фронусева Гэльця казала бабам, і Янка вухам улавіў: “Ладная пара… Кірайчонкаў малец…” (Кірайчонкамі празвалі ўсю Янкаву сям’ю, і гэтая празванка дасталася ім ад прадзеда, якога звалі Кірэй).
— Ай, дарэмна Барнась не дае згоды на жаніцьбу сына з Анютай. Даўно тут сам у бедняках хадзіў, а цяпер ужо падавай яму нявестку з пасагам, — пачулася.
— Праўда што, — пагаджалася з Гэльцяй яе суседка Анэта. — Нічога, што бедная, затое працавітая і разумная. А прыгажуня якая!
Янку захацелася прыбавіць кроку, каб хутчэй прайсці гэтых з’едлівых баб.
— Чаго так спяшаешся, Янка, бабы пагавораць ды перастануць. Ты лепш скажы, чаго ў Міёры ездзіў?
— На працу ўладкаваўся, пісарам у паліцэйскую ўправу.
Анюта спынілася, пабялела ў твары.
— Ты што, Янка, здурнеў. Калі няма свайго розуму, дык параіўся б. А як вернуцца Саветы, то што, думаеш, даруюць? Ці тады з немцамі будзеш уцякаць?
— Анюта, па-першае, маёй згоды ніхто не пытаўся, маглі зусім на работы ў Германію пагнаць, каб адказаўся, а па-другое, чуў ад паліцаяў, што немцы ўжо пад Масквой, і не сёння, дык заўтра вайна скончыцца, — адказаў Янка.
— Я думала, што ты разумнейшы, вучаны ж. Калісьці Напалеон у Маскве быў, і што? — ледзь ногі знёс. А на Гітлера ўвесь свет узлаваны, і як ты можаш верыць у перамогу фашыстаў?
— Адкуль ты такая ўпэўненая? — здзівіўся Янка.
— Чалавек адзін быў учора, салдат-акружэнец, а іх некалькі, на балоце пакуль хаваюцца, будуць атрад ствараць, каб змагацца з акупантамі, адным словам будуць партызаніць. Ой, Божухна, каму гэта гавару, — паліцаю…
Анюта разгубілася і з жахам паглядзела Янку ў вочы.
— Ды не паліцай я, Анюта, а пісар у паліцэйскай канцылярыі, гэта вялікая розніца, і ты мяне, Анюта, гэтак не называй, — ён прытуліў да сябе сумеўшуюся Анюту і пацалаваў у вусны, не баючыся, што сонца толькі садзілася над лесам, і на вуліцы было відна, і бабы, убачыўшы такое, аж прыўзняліся, здзіўленыя такім яго паступкам.
— Анютка, каханая мая, я абяцаю табе, што ніколі ў жыцці ні табе, ні людзям не зраблю злога. Ты мне верыш?
— Прабач, я ведаю, што ты самы лепшы ў свеце, — адказала Анюта і прыхінулася да яго, і слёзы самі пакаціліся з вачэй. — Толькі вельмі прашу, Янка, не згубі галавы.
Закаханыя спыніліся сярод вуліцы і стаялі, гледзячы адно аднаму ў вочы.
Ад ліпы данесліся гукі музыкі.
На гэты раз Янка і Анюта да моладзі не пайшлі. Прысеўшы на лаўцы ля школы, мілаваліся яны, пакуль не сціхлі там песні і гранне гармоніка, пакуль зусім не сцямнела.


Юлясь з нанятым работнікам сеяў за хатай жыта, калі ў двор на кані, запрэжаным у калёсы, прыехалі трое паліцаяў. Убачыўшы іх, Юлясь мацюкнуўся і скрозь зубы працадзіў: “Прынесля нялёгкая.” Але пайшоў насустрач не прошаным гасцям.
— Дзень добры, панове, — ён працягнуў кожнаму з прыехаўшых руку. Аднаго з іх ведаў, гэта быў Няміра, сын былога паліцыянта, які пры Польшчы служыў у Міёрах, збег ад Саветаў, і вось зараз вярнуўся на радзіму і, як бацька раней, служыць у паліцыі, але ўжо ў нямецкай. Двух другіх Юлясь бачыў упершыню.
— Дзень добры, але не спакойны, — адказаў Няміра. — Мо чуў, на мхах, ля возера Ельня абсталяваўся атрад партызан з ліку акружэнцаў. У вас тут гасцей з балота не было?
— Не, панове, і першы раз ад вас чую пра гэта, — зманіў Юлясь, бо ён ужо ведаў пра гэта ад людзей. Па вёсцы хадзілі чуткі, што нехта з лесу абстраляў у Круках паліцэйскі абоз.
— Дык ведай жа і трымай вуха востра.
— Вы, панове, напэўна галодныя, поўдзень ужо, пара пачаставацца. Габруня, — паклікаў ён жонку, якая корпалася на гародзе. — Збяры нам на стол, з Богам госці прыехалі.
Габруня, поўная сабою кабета, нехаця адарвалася ад справы, памыўшы рукі, пайшла грукаць катламі ў печы. Юлясь тым часам дастаў са скрыні бутэльку хлебнай самагонкі, паставіў на стол.
Госці распрануліся. Няміра быў высокі, белакуры, гадоў трыццаці, двое іншых — крыху старэйшыя: адзін лысаваты невялікага росту, другі чарнявы высокі дзяціна, за сто кіль, пэўна. Па гаворцы было чуваць, што гэтыя двое з Украіны.
— Дык вось, Рынкевіч, — Няміра выняў з сумкі паперу, — чаго мы прыехалі. Пакуль стол не накрыты, кладу табе спіс пастаўкі харчавання для фронту. Тут напісана пра даведзеныя заданні для кожнага двара — колькасць збожжа, бульбы, мяса і яек. За два тыдні ўсё самавывазам павінна быць дастаўлена ў Міёры на чыгуначную станцыю. І перадай людзям, што не дай, Бог, калі хто не выканае заданне.
Юлясь узяў спіс, правёў па ім пальцам, знайшоў сваё прозвішча, — яму даводзілася паставіць 125 пудоў збожжа, 90 пудоў бульбы, 30 — мяса. Кінулася ў вочы прозвішча Пухальскага Антона, яму было даведзена па 60 — збожжа і бульбы і 15 пудоў мяса. Юлясь атарапеў ад указаных лічбаў, не стаў глядзець спіс далей.
— Хто давёў такое заданне? Я, можа, з цяжкасцю ды выканаю, а вось такія, як Пухальскі... У яго ж сваёй зямлі што кот наплакаў, і жывёлы амаль не мае, дзе ён што возьме здаць? — пытаўся Юлясь.
— Гэта не наша справа, — адрэзаў Няміра. — Давялі — і кропка. Не мы гэты спіс састаўлялі, а вось выконваць яго нам з табой. Няхай апошнюю карову рэжа і план выконвае, іначай турма і вошы, а будзе хто бунтаваць, то расстраляем, жартаваць не будзем.
Паліцаі выпілі па чарцы, добра закусілі і паехалі далей у бок Вострава развозіць спісы на пастаўку харчавання для нямецкага войска
“Што рабіць?” — ахапіў галаву далонямі Юлясь. — “Як ісці да людзей з такой непрыемнай місіяй? Хто больш-менш заможныя, тыя выканаюць. Бог даў у гэтым годзе нядрэнны ўраджай, з мясам вымеркуюць. А як быць многім іншым, у якіх ёсць толькі для сябе, і то да вясны можа не хапіць, а здадуць зараз пастаўку — паўвёскі будзе галадаваць, і гэта жах!..”
Юлясь крапіву з мякінай не еў, але не раз бачыў галодных людзей. У роспачы ён згроб спіскі, злажыў у кішэнь і пайшоў у вёску выдаваць заданне кожнаму пад роспіс.
І колькі ён пабачыў слёз людскіх! Колькі выслухаў у той дзень праклёнаў, нават у свой адрас! Хаця яшчэ ніхто з гэтых людзей не ведаў, што наперадзе іх чакае гора яшчэ большае.
____

Ішоў другі год вайны. Працаваць у паліцэйскай канцылярыі даводзілася многа, але Янка са справамі, якія яму даручалі, спраўляўся. Яму выдалі камплект адзення з добрага сукна, хромавыя боты. І як служачаму паліцэйскай управы, выдалі наган з кабурой. Але ён іх насіў не заўсёды, за што атрымаў некалькі вымоў ад Ластоўскага. Янку не хацелася паходзіць на сапраўдных паліцэйскіх-галаварэзаў.
Усе загады, распараджэнні праходзілі цераз Янкавы рукі, і ён быў дасведчаны ў ва ўсім, што загадвалася. Шматлікія дакументы даводзілася перакладаць з нямецкай мовы на рускую. Шмат часу даводзілася працаваць са слоўнікам, але з часам ён авалодаў больш трывала нямецкай мовай, і праз некалькі месяцаў слоўнікам карыстаўся ўжо радзей.
Аднойчы прыйшоў загад падабраць у Міёрах і абсталяваць (мелася на ўвазе абгарадзіць калючым дротам) месца для яўрэйскага гета. На кожны месяц даводзіліся заданні па адпраўцы працаздольнага насельніцтва ў Германію.
Месца для ўтрымання яўрэяў падрыхтавалі хутка, абнеслі дротам кавалак зямлі недалёка ад чыгуначнай станцыі. Па вуглах паставілі вартавыя вышкі, пад жыллё адвялі былыя склады. Калі было ўсё гатова, выйшоў загад усіх жыдоў зганяць за калючы дрот у гета. Там з іх адбіралі працаздольных мужчын, дзяўчат, і вагонамі адпраўлялі на захад, у канцлагеры. З астатніх, — старых, дзяцей, нямоглых кагосьці везлі, а болей пешшу, гналі за Станулёва, у Крукаўку, дзе былі самімі яўрэямі выкапаны ямы. Папярок ям клалі дошкі, узганялі на іх людзей і расстрэльвалі. Калі ямы запаўняліся расстралянымі, зноў прыганялі працаздольных яўрэяў, якія закопвалі магілы.
Янка сам пры забойстве людзей не прысутнічаў, але некаторыя з паліцаяў хваліліся, што хавалі заадно і тых людзей, якія мелі прыкметы жыцця.
Трапіўшых у палон партызан, а таксама тых, хто ім садзейнічаў, адпраўлялі ў лагер для ваеннапалонных пад Глыбокае, у Беразвечча. А, бывала, каралі адкрыта на пляцы, сагнаўшы для паказальнасці мясцовых жыхароў.
Каб не ездзіць кожны дзень за 14 вёрст дамоў, Янка ўладкаваўся на кватэру да міёрскіх сваякоў. Аднак жа, як толькі прыходзіў вечар, яго бы якім магнітам цягнула ў родную вёску, дзе яго чакала Анюта. Таму калі было крыху вальней у канцылярыі, Янка садзіўся на ровар і птушкай ляцеў дамоў у Белеўцы. Пераапрануўшыся ў цывільную вопратку, бег да Анюты, і пасля яны, як галубы на гумне, буркавалі да глыбокай начы, асыпаючы адно аднаго пацалункамі.
Янка неяк заўважыў, што Анюта пры сустрэчах дзе з хітрасцю, дзе проста дапытваецца ў яго пра колькасць немцаў у Міёрах, ці шмат паліцаяў, пра іх зброю, пра рух цягнікоў на чыгунцы, калі што куды тыя вязуць? Якія паступаюць загады? Янка здагадаўся, што пытаецца яна пра гэта не проста так. Але гледзячы ў Анюціны карыя вочы, не мог нічога ад яе ўтойваць, расказваў усё, што было вядома, не гледзячы на распіску, якую зрабіў пры ўладкаванні на працу. Хоць і падпісаўся пад тэкстам, дзе гаварылася “сакрэтныя дадзеныя не выдаваць, і за невыкананне — растрэл.”
Анюта бачыла, што Янка здагадваецца, — гэтыя звесткі патрэбны не ёй, камусці яшчэ. Таму, пяшчотна ўзяўшы аднойчы каханага за руку, праўдзіва прызналася ў гэтым.
— Янка, я не магу табе хлусіць, ты павінен ведаць. Твае весткі вельмі каштоўныя, імі цікавяцца людзі з лесу, партызаны, а я ў іх сувязная.
Слова “партызан” Янка чуў не так часта. Немцы і паліцаі лясных людзей, якія змагаліся супраць акупантаў, называлі не інакш, як бандытамі.
— Ад каго я атрымліваю весткі, з іх ніхто не ведае, акрамя камандзіра атрада. І не павінны ведаць для тваёй бяспекі, Янка. А я, калі што, смерць прыму, а цябе не выдам, каханы. Ты мне верыш?
— Анютка, я табе аддаў сваё сэрца, і пытанняў да мяне накшталт “веру-не веру” ў цябе ўзнікаць не павінна. Мы з табою — адно цэлае, і паміраць нам не час, пра гэта не трэба і думаць. Прызнаюся, і я ненавіджу немцаў, асабліва цяпер, калі яны паказалі свой звярыны аскал. І калі ўжо мы прызналіся адно аднаму ў гэтым, то скажу табе. Трэба тэрмінова папярэдзіць яўрэяў, асабліва ў Красным, іх там некалькі сем’яў, аб тым, што не трэба дабравольна ісці ім у Міёры ў гета, а няхай ідуць лепш да партызан ці хаваюцца дзе, бо з гета ніхто жывым не выйдзе.
— Я з імі ўжо гукала, і казаў стары Рубін: “Намі зачынаюць, а вамі закончаць.” Але яны не збіраюцца хавацца, а чакаюць, калі за імі прыедуць немцы.
— Паспрабуй яшчэ раз, трэба іх пераканаць, асабліва маладых, я ж іх ведаю, Сіляма, Копала… Гэта ж неразумна добраахвотна ісці на смерць. Трэба змагацца за жыццё.
— Я паспрабую, Янка.
____

З хваляваннем у душы чакаў Юлясь вясны 1943 года. Семянны запас выграблі лічы што ўвесь, — днём немцы, ноччу партызаны. На пачатку вайны было лягчэй, аграбалі толькі немцы, цяпер жа з двух бакоў. Як жыць беднаму селяніну — гэта не турбавала нікога. Юлясь закапаў некалькі мяшкоў насення яравіцы за гумном і кожны дзень тросся, каб не знайшлі, бо калі знойдуць, за ўтойванне могуць расстраляць усю сям’ю. З іншага боку, калі не пасееш, нічога ж не нарасце, будзе голад. Аб гэтым не думаюць, жывуць толькі сённяшнім днём. Цяпер з-за няўдач на фронце немцы азвярэлі зусім, толькі і чуеш, што там кагосьці застрэлілі, там павесілі ці спалілі. Спачатку толькі моладзь адпраўлялі ў Нямеччыну на работы, цяпер гоняць усіх, хто трапляе пад рукі, абы мог працаваць. Жыдоў сагналі ў Міёры ў гета і ці не ўсіх расстралялі. Уцяклі толькі лічаныя. У суседняй вёсцы, у Красным, з сям’і Рубіна ўцяклі сыны ў партызаны, жонку і дочак забралі ў гета, там яны і загінулі, сам стары Сілям хаваўся, больш па лазнях, пускаў у хату хтосьці з суседзяў. Але ці мо хто падказаў, ці самі ў паліцыі здагадаліся, прыехалі акружаць лазню. Убачыўшы паліцаяў, Сілям кінуўся наўцёкі, ад лазні да балота было недалёка. Паліцаі пагналіся следам, і ён далёка не адышоў, праваліўшыся ў дрыгвяное “чортава вакно”. І каб жывым не папасціся ў рукі паліцаяў, перарэзаў сабе горла брытвай. У дрыгве ён так і застаўся, ніхто яго адтуль не выцягваў.
Другая бяда — партызаны, яны прыходзілі па начах. Бывала так, што днём немцы, а следам за імі ноччу партызаны, і кожны раз тым і другім нешта трэба, абабралі ўжо, як ліпку.
Было, немцы заставаліся на ноч ля хаты ў засадзе. Але ці хтосьці папярэджваў партызан, ці так складвалася ў іх, а ніколі не сутыкнуліся. “Ну, і дзякуй Богу”, — суцяшаўся Юлясь. — “Не хапала яшчэ страляніны ў панадворку.” Ён падазраваў, што ў Белеўцах мабыць нехта ёсць, хто знаецца з партызанамі, але менавіта хто, Юлясь не ведаў. “Ды і не трэба мне аб гэтым ведаць, — разважаў ён. — “Галоўнае, каб было ў вёсцы ціха, не чапалі людзей.”
І ў Германію невядома, па чыёй ласцы, з іх вёскі не пагналі нікога. Вакол абабралі моладзь, ды белеўскіх і вусаўскіх не зачапілі, дзякуй, Богу. Юлясь крыху здагадваўся, дзякуючы каму так адбываецца, але імя таго чалавека ён нават і ў сне баяўся вымавіць. Калі ва ўсім яго заслуга, то хай дае яму Божа здароўя.
Так, вясны Юлясь чакаў з неспакоем і хваляваннем за захароненае за гумном у зямлі насенне, яно хоць і ў драўлянай скрыні, абкладзенае кулявой саломай, але ад падышоўшай вады, як раптам ударыць цяпло, пратухнуць можа, згубіць усхоласць. Выкапаць з зямлі і ссыпаць зерне ў свіран аднак баяўся, — выграбуць ці немцы, ці партызаны.
Юлясь прыгадваў выпадак, як зусім нядаўна ў вусаўскага Кукуця Паўкі партызаны зарэзалі гадавалую свінню, пасмалілі, выпусцілі трыбухі і заставілі самога гаспадара адвесці мяса ў лес у прызначанае месца. Ён і павёз. А тым часам прыехалі паліцаі, убачылі на падворку кроў, агаркі саломы, — вядома, што парсюка смалілі. “Дзе мяса?” — прыставілі гаспадыні да жывата дула, і яна ад упуду прызналася, што партызаны прыказалі мяса ў лес адвезці. Прасачыўшы па саннаму следу, ужо ля лесу паліцаі дагналі Паўку, арыштавалі яго, і як партызана адправілі ўжо з Міёр у лагер, што ў Беразвеччы. Цяпер невядома, дзе ён, можа ўжо ў жывых няма. Трое дзетак засталіся. І каня, і рады забралі. “Страх які!” — Юлясь аж здрыгануўся, шосты дзесятак жыве, былі і войны, мяняліся ўлады, а такога жаху не было ніколі.


Апошнім часам Янка дняваў і начаваў у канцылярыі, патрабавалася столькі неадкладных спраў, што ў наваленых паперах увесь стол. Хоць і далі яму ў дапамогу дзяўчыну з мясцовых, якая крыху ведала нямецкую мову, усё роўна не ўпраўляліся. Ластоўскі ўвесь час быў не задаволены іх працай. Але сёння трэба кінуць усё і тэрмінова ехаць дамоў, каб перадаць Анюце вельмі важныя звесткі. Па-першае, як ён ні стараўся, не змог выкрэсліць з агульнага спісу моладзі, прызначанай для вывазу ў Германію, восем чалавек з Белеўцаў. Ластоўскі, можа штосьці западозрыў, бо пачаў строга кантраляваць пасля яго ўсе паперы. Другое, гэта што праз тры дні павінен прыбыць абоз з Глыбокага з правіянтам для немцаў, што стаялі ў Міёрах, і са зброяй ды боепрыпасамі для паліцэйскіх. З абозам павінны прыехаць 25 чалавек паліцэйскіх для ўзмацнення, бо апошні час партызаны не давалі спакою.
Янка зняў мундзір і ўжо ў цывільным, бо баяўся сустрэчы з партызанамі, пайшоў пяшком па гразнай раскісшай дарозе да Белеўцаў. Прыцемкам, не заходзячыся дамоў, адразу накіраваўся да Анюты. Убачыўшы Янку, яна абрадвалася, выбегла на вуліцу, прыпала да яго, салодка пацалавала ў вусны.
— Анюта, вось прыбег, ды не маю лішняй хвіліны, бо ў любы момант могуць спахапіцца, цяпер, бывае, мяне і ноччу шукаюць, калі тэрмінова спатрэбіцца чарговая папера начальству. Дык вось, паслухай, запомні імёны і прозвішчы тых, каго павінны ў чацвер адправіць у Германію, — Янка пералічыў імёны васьмі хлапцоў, якіх Анюта добра ведала.
— Але ж яны зусім яшчэ дзеці, большасці і васемнаццаці няма. Во злыдні, пагібелі на іх няма, — абурылася Анюта.
— І яшчэ, паедзе абоз у дваццаць падвод з Глыбокага, вядома, праз Шаркоўшчыну, Новы Пагост і будзе ў Міёрах праз тры дні. Ахоўваць яго будуць 25 паліцаяў, за фурманаў на падводах будуць звычайныя сяляне, павязуць зброю, боепрыпасы, харч. І гэта не ўсё. Па чыгунцы хутка прыбудзе карацельны атрад, дату прыбыцця не ведаю, але вядома, што да іх далучыцца дывізіён італьянцаў, які базіруецца ў Чырвоным Двары пад Шаркоўшчынай. І чакаюцца яшчэ вайсковыя часці. Немцы збіраюцца правесці карацельную экспедыцыю супраць партызан. Буду ведаць нешта яшчэ, дам знаць. А цяпер мне трэба бегчы назад, калі ўжо не спахапіліся, дзе дзеўся. Будзе бяда.
— Я разумею, Яначка, любы мой, — Анюта прыпала да каханага і пачала горача яго цалаваць.
Мяккія цёплыя вусны абдалі хмелем, ускружылі галаву, Янка не мог адарвацца ад любай. Як гэта недарэчна, што трэба адыходзіць, калі так хацелася пабыць з Анютай хаця б адну гадзінку.
— Усё, Анюта, мне трэба вяртацца, пятнаццаць вёрст па такой дарозе ды яшчэ ўночы, як ні паспяшаюся, а ў Міёрах буду за паўнач.
— Я разумею, любы, беражы сябе толькі, — Анюта плакала.
Янка з сілай, але асцярожна, высвабадзіўся з абдымкаў каханай. І моўчкі нырнуў у сырую цемень ночы.


Юлясь неспакойна спаў, як нехта ціха пастукаў у шыбу. Ён узняўся з пасцелі. “Хто гэта можа быць? Мо партызаны, але тыя стукаюцца так, ажно рамы трасуцца.” Юлясь асцярожна адхінуў фіранку.
— Хто тут?
— Дзядзька Юлясь, — пачуўся прыцішаны мяккі дзявочы голас. — У чацвер будзе аблава, моладзь збіраюць для адпраўкі ў Нямеччыну, і ваш Юрась ёсць у спіску, а ўсяго восем хлопцаў з Белеўцаў.
У Юляся знямела сэрца. Шыбануў халодны пот, і ён рукавом кашулі выцер лоб. Чамусьці адразу паверыў сказанаму, хаця не пазнаў па голасу, хто гэта.
— А каго яшчэ? — запытаўся, выходзячы з дранцвення.
Але за вакном нікога ўжо не было.
Ён запаліў лямпу і, узяўшы яе ў руку, пайшоў у вугал, дзе віселі абразы. Перахрысціўся і прачытаў “Ойча наш”. Скончыўшы малітву, перахрысціўся зноў і, просячы літасці ў Бога, прамовіў.
— Божа, аберажы і памілуй. Падкажы выйсце, каб захаваць сыночка.
Янка з трох сыноў быў у яго старэйшы, яму было акурат васемнаццаць год на Звіжанне. Юлясь стаў на калені, узнёс рукі ўгору.
— Змілуйся, Божа, я ўсё жыццё пражыў у малітвах да цябе. Матка Боска, заступніца наша, аберажы маё дзіця, — Юлясь перахрысціўся тры разы і пайшоў будзіць жонку.
— Уставай, Габруня, бяда прыйшла ў хату.
Жонка прачнулася і спрасонку, не цямячы, у чым справа, з бурчаннем пачала апранацца.
— Не спіцца табе сярод ночы. Ну, што яшчэ здарылася? — надзеўшы сукенку, падышла Габруня да стала, за якім бледны перад лямпай сядзеў Юлясь.
— Бяда, матка, Юрася нашага ў Нямеччыну адпраўляюць, гавораць, у чацвер прыедуць, каб забраць, гэта ж два дні засталося.
— Ах, Езус Хрыстус, — узмалілася Габруня. — Ты што, бацька, прысніў усё гэта, скуль ты ўночы мог даведацца?
— Анёл у акно пастукаў і наказаў.
— Не пужай, Юлясь, гавары, як ёсць, — сказала настойліва жонка.
— Ты што, не чула, як у вакно стукаў чалавек. Прыходзіў наказаць. Ты лепш думай, што будзем рабіць.
— Трэба ў Міёры ехаць табе, усё ж ты не апошні чалавек, стараста, можа адпросіш у якога начальніка.
— Дурная, — у немцаў адпросіш! Яшчэ і самога захамутаюць.
— І тое праўда. Божа, зберажы і памілуй, — перахрысцілася Габруня. — Во бяда.
— Я падумаў, што трэба да тваёй сястры ў Галінова Юрася адпраўляць, швагер, Грышка, у немцаў служыць, скажу, што пайшоў уладкоўвацца да яго на службу ў самаахову, — прыглушана сказаў Юлясь жонцы.
— Ах, Божухна! Юлясь, які ты ў мяне разумны, я б на свой бабскі розум не здагадалася, — з надзеяй адказала знікшая было ад расстройства Габруня.
— А вось ці павераць? — гэта яшчэ пытанне.
— Павераць, павераць, яно ж так і ёсць, што Грышка ўжо другі год як у самаахове, — запэўнівала Габруня.
— Добра, раніцай адправім сына, а ты пакуль збяры на дарогу ўсё неабходнае, можа і месяц прыйдзецца яму там прабыць.
— Няўжо ж, зараз і збяру. А можа ты сам бы, Юлясь, адвёз Юрася ў Галінова? Тут жа хоць і праз Каўшэлева, а як ісці, дык настаяшча, а яшчэ несці на сабе. А там з Грышкам пагукаеш, як лепш зрабіць.
— Добра, я ўжо пра гэта падумаў таксама, — згадзіўся гаспадар.
Да раніцы ў хаце Рынкевічаў не гасла святло. Юлясь не знаходзіў сабе месца.
“Думаў, што старасты сям’ю немцы не павінны чапляць, а яно вунь як выходзіць. Ці мала што рабіў па іхніх патрабаваннях, стараўся дагадзіць. Ці гэта кара за грахі мае?” — розныя думкі кружыліся ў яго галаве.
Як толькі стала займацца святло, ён вывеў каня, паразважаў, у што лепш будзе запрагаць — у сані ці ўжо ў калёсы, — бо ў нізоўях ляжаў снег, а на пагорках тарчэла голая зямля. Вясна нясмела ўбіралася ў свае правы. Вырашыў запрагаць сані.
Маці ўжо падняла Юрася, ён снедаў за сталом. Юлясю есці не хацелася.
Толькі ў дарозе ён растлумачыў сыну, у чым сутнасць справы і па што яны едуць у Галінова.


Прыехаўшы на месца, Юлясь адразу знайшоў паразуменне і падтрымку Грышкі, ад чаго палягчэла на душы.
— Правільна, швагер, што прывёз да мяне сына, — адобрыў ён. — Тут ён будзе ў небяспецы.
Самаахова — не паліцыя, яна стваралася для аховы вёсак ад грабяжоў партызан. Самаахоўнікам давалася зброя — вінтоўка, і для адрознення яны насілі на рукаве павязкі. Калі не хапала паліцаяў, тады прыцягваліся і самаахоўнікі для выканання розных загадаў.
Партызаны, як правіла, абыходзілі вёскі, у якіх была створана самаахова, і самаахоўнікі імкнуліся быццам бы не пераходзіць дарогу партызанам.
Але ж аднойчы, як расказваў Юлясю Грышка, яго недалёкі сусед Дарашкевіч заўважыў на золку, што міма яго хаты едзе на кані партызан з аўтаматам на грудзях, дык тады сусед схапіў вінтоўку і выстраліў па ім, трапіў у плячо. Той з каня і зваліўся. Дык немцы за гэты ўчынак далі Дарашкевічу прэмію ў нямецкіх марках. А партызаны адпомсцілі тым, што спалілі сем хутароў вакол Галінова, на якіх жылі самаахоўнікі, у тым ліку і хутар Дарашкевіча, сам гаспадар цудам уратаваўся.
— Мы тут нядаўна сядзелі нібыта на парахавой бочцы, не даюць спакою партызаны, што абаснаваліся ў Казянскіх лясах, — казаў Грышка, частуючы Юляся і, падняўшы чарговую чарку, запэўніў. — А мы твайго Юрася ўратуем ад Нямеччыны


Конь бег шпарка, не гледзячы на цяжкую, раскісшую дарогу.
Адвячоркам Юлясь быў дома.
У вёсцы на першы погляд было ўсё спакойна, яна нібыта драмала ў чаканні вясны. Зіхоткае сакавіцкае сонца з’ела са стрэх снег, з комінаў там-сям лезлі ўгору дымы, цепліліся на ноч шчыткі ці пліты. Уначы марозікі яшчэ браліся нішто.
У сямі беліцкіх хатах, з якіх павінны былі паслязаўтра забраць моладзь у Германію, агні сёння гарэлі даўжэй, чым у астатніх хатах. Людзі хадзілі адзін да другога па колькі разоў, раіліся, што рабіць. І толькі ўжо позна ўвечары канчаткова вырашылі паслухаць Здзіслава Кухальскага, які прапаноўваў адаслаць мальцаў у лес, каб тыя перабылі там колькі дзён, пакуль немцы супакояцца; а потым бы зноў дзеці вярнуліся ў вёску.


У чацвер вельмі рана, з прыцемкамі, Кухальскі запрог каня, у сані паселі хлопцы, у тым ліку і яго сын, усяго іх сем чалавек, і пакіраваў у бок Пяльніва. Выехаўшы за вёску, Здзіслаў перадаў лейцы сыну, а сам, ідучы побач з возам, працягваў павучаць.
— Едзьце балотам да Пішчалёўкі, а там звернеце на возера Бярэжа. Далекавата, але затое бяспечна, немцы туды не сунуцца. У гайку там і пабудзеце. Ну, ты ж ведаеш, дзе? — звярнуўся Кухальскі да сына. — Мы там дровы рыхтавалі неяк. Як усё скончыцца, я прыеду за вамі. Зразумелі?
— Зразумелі, — хорам адказалі юнакі.
— Ну, тады з Богам, — Здзіслаў Пухальскі перахрысціў дзяцей.
Санкі каціліся ў накірунку балота. На возе было цеснавата, хлопцы сядзелі моўчкі, прыціснуўшыся адзін да другога. Толькі Васіль круціўся нечага, як піскун.
— Хлопцы, а навошта нам перціся ажно на тое Бярэжа за столькі вёрст? Я ведаю добрую мясціну бліжэй, у Храмку, там ніякі фрыц нас не знойдзе. Там ёсць шалаш. Мы там былі з Паўлушам Шарковічам, — нарэшце загаварыў Васіль.
Усе белеўцы ведалі, што Шарковічы жылі ў Пяльніве, хата іх стаяла, лічы, у лесе, бацька Юстын працаваў усё жыццё лесніком, а сын Паўлуша займаўся паляваннем.
— Дык вось, — працягваў Васіль, — там у дупле схавана, Паўлуша мне паказаў, вінтоўка з банкай патронаў, пастраляем.
Пачуўшы пра вінтоўку, хлопцы заёрзалі.
— А і праўда, якая розніца, куды ехаць, абы з вачэй далоў, — падтрымаў Васіля Сямён.
— Бацька сказаў ехаць да возера, вось туды і паедзем, — запярэчыў Стэфан Кухальскі, які кіраваў канём.
Пачаліся кусты, тут снегу ляжала шмат, і конік з лёгкасцю цягнуў за сабой санкі.
— Так, мальцы, хто ў Храмок, падыміце рукі, — скамандаваў Васіль.
Усе, акрамя Стэфана, дружна ўзнялі рукі.
— Так, Стэфан, вязі нас у Храмок. А сам можаш потым кіраваць хоць да чорта на кулічкі, — Васіль не сунімаўся.
— Га-га-га, — зарагатаў Ігнат, які быў сярод іх самы старэйшы, пад дваццаць гадоў, а розумам не вылучаўся. Больш таго, у вёсцы яго лічылі прастакаватым, у школу нейкі год пахадзіў без толку, і бацькі больш не адпраўлялі. Наймаўся з малых гадоў пасвіць кароў. — Бяры, Васіль, лейцы і кіруй, а наш фурман няхай пешшу ідзе да таго возера. — Ігнат з сілай вырваў з рук Стэфана лейцы, перадаў іх Васілю. А Стэфану заявіў. — Не хочаш з намі ехаць, дык злязай.
Той ад безвыходнасці ўжо не пярэчыў, толькі крыху адсунуўся ад усіх.
Урочышча Храмок ад Белеўцаў было за вярсты тры. Калі ўзысці на Белеўскую гару, то вярхі ёлак Храмка бычыліся, як на далоні.


Немцы ў Белеўцы прыехалі не ў чацвер, а раніцай у пятніцу, на дзвух машынах.
Юлясь паспеў было падумаць, што нехта пажартаваў над ім, што збіраюцца забраць яго сына ў Нямеччыну, ажно не, усё, выходзіць, праўда. Два грузавікі з немцамі спыніліся ля школы, і Юлясь, як прадпісана было старасту, пайшоў насустрач.
З машын вылезлі чалавек пятнаццаць нямецкіх салдат і дзесяткі два паліцаяў. Камандаваў усім нямецкі афіцэр з крыжамі на мундзіры, пэўна заслужыў іх на фронце. Што некалькі здзівіла Юляся, бо бачыў упершыню, — Ластоўскі таксама быў апрануты ў паліцэйскую форму. Якога той быў чыну, ён вызначыць не мог, але пагоны Ластоўскага блішчалі, як у афіцэра. Калі стараста павітаўся з высокімі асобамі, Ластоўскі падаў яму спіс.
— Тут указаны людзі, якія праз гадзіну павінны быць тут, — сказаў ён Юлясю і паглядзеў на свой гадзіннік.
Юлясь узяў спіс, і сярод іншых прачытаў прозвішча і імя свайго сына Юрася, што пераканала яго канчаткова, што пачутае праз акно ўночы было чыстай праўдай. Унутры пахаладзела. Рынкевіч вінавата ўцягнуў галаву ў плечы і скарагаворкай заляпятаў.
— Гаспадзін Ластоўскі, тут нейкая недарэчнасць, вось у спісе імя майго сына Юрася, а яго няма, паехаў у госці да цёткі пад Шаркоўшчыну, там хоча уладкавацца на службу ў самаахову, — хлусіў Юлясь.
— У нас у паліцыі жадання служыць не з’явіў, а паехаў дзеля гэтага за свет, — не трымай нас, Рынкевіч, за вар’ятаў!
— Ды ён тут недалёка, дваццаць вёрст усяго, у вёсцы Галінова, не маню. Можаце запрос зрабіць, каб пераканацца.
Ластоўскі перамовіўся па-нямецку з афіцэрам. Той, выслухаўшы, абурана глянуў на Юляся і працадзіў штось скрозь зубы. Ластоўскі кіўнуў галавай, маўляў, зразумела.
— Рынкевіч, пакажаш зараз паліцэйскім, дзе жывуць указаныя ў спісе людзі. А сам ідзі запрагай каня, і каб сын быў да вечара ў Наўгародах. Не будзеш з ім там — твая ўся сям’я будзе расстраляна.
— Ах, што вы, паночкі, я зараз, — і ён упрыбежку пайшоў уздоўж вясковай вуліцы. За ім следам адзін за адным крочылі паліцаі.
Сонца над гарызонтам узнімалася ўсё вышэй і вышэй, пад яго промнямі марозік здаваўся, дарога была коўзкай ад вільготнай наледзі, на праталінах за ногі чаплялася гразь.
Юлясь рукой паказваў на тыя хаты, дзе жывуць унесеныя ў спіс хлопцы, і спяшаўся далей, пакуль не абышоў сем двароў. Паліцаі, з грукам адчыняючы дзверы, заходзілі ў хаты. На душы ў Юляся скрэблі кошкі, бо ён здагадваўся, што ва ўказаных ім дварах дома хлопцаў няма. “Божухна, што будзе?” — безупынна паўтараў ён у думках. Азірнуўшыся, убачыў, што паліцаі ўжо выходзілі з хат на вуліцу і дакладвалі старэйшаму з іх вынікі.
Калі ва ўсіх сямі хатах не знайшлі нікога на месцы з тых, каго шукалі, старэйшы з паліцэйскіх пабег да школы на даклад.
Ластоўскага нібыта падмянілі. Твар яго наліўся чырванню, стаў жорсткім. Ён зрабіў кароткі пераклад на нямецкую мову пра здарыўшаеся, — для афіцэра СС.
Салдаты і афіцэры атрымалі загад сагнаць усіх жыхароў вёскі да канюшні, якая стаяла на ўскрайку вёскі, і кінуліся бягом загад выконваць.
Разгублены Юлясь стаяў убаку, не ведаючы, што яму цяпер належыць рабіць. Ці можна ўжо ехаць за сынам?
— Што стаіш? — крыкнуў на яго Ластоўскі. — Вязі сына ды не ў Наўгароды, а сюды, і не дай Бог, спазнішся.
У панадворку Юлясь трасучыміся рукамі запрог у санкі каня. Жонка без хусткі выскачыла на ганак, прадчуваючы нешта нядобрае.
— Ты куды, Юлясь?! — Узмалілася.
— Я за Юрасём, чакай мяне тут, не паказвайся на вуліцу, на хутар мо не прыйдуць.
— А, Божухна, хто не прыйдзе?!
— Немцы, — Юлясь сцебануў пугай каня, той ад болю прысеў спачатку, а потым аж падпрыгнуў і па волі гаспадара паімчаў галопам у бок Старога Пагосту.


Плач, крык і гвалт стаяў над Белеўцамі доўга, і жахлівае эха даносіла іх да суседніх вёсак. Калі ўсе людзі былі сагнаны да канюшні, пад’ехалі на грузавіках афіцэр-эсэсавец з Ластоўскім. Ля канюшні стаяў гул бы ад роя з пчоламі, людзі гадалі, чаго гэта зараз з усёй вёскі сабралі люд, і што будзе. Разам было ля трохсот чалавек, і сярод іх старыя, дзеці, цяжарныя жанчыны. Ластоўскі, сцішыўшы людзей, гучна аб’явіў.
— Грамадзяне, калі мной пералічаныя людзі, — ён зачытаў спіс, — праз гадзіну не будуць тут, то спачатку будзе расстраляны кожны дзесяты чалавек з вёскі, а потым будзе вёска спалена.
— Паночкі, змілуйцеся, — залямантавала Лапкоўская Рэнька, сын якой быў таксама ў спісе. — У лес яны паехалі, па дровы, не губіце ні ў чым не павінных.
Канюшня была пабудавана пры Саветах калгаснікамі тут, на самай гары, і лес ад яе быў бачны, як на далоні. Пасля слоў Рэнькі ўсе неяк павярнулі галовы ў бок лесу, і было добра бачна, як над вяршынямі ялін там слаўся шызы дымок.
Гаспадзін Ластоўскі, — звярнуўся адзін з паліцэйскіх. — Гэта ў Храмку, дзе чорны ельнік, акурат ля паляўнічай будкі, я гэта месца ведаю, не раз хадзіў туды на паляванне.
— Акружыць яго можна? — запытаўся Ластоўскі.
— Чаму не, доннік трымае, ісці добра, там невялікі пагурак з лесам, а вакол балота і рэдкалессе.
Ластоўскі пра нешта параіўся з нямецкім афіцэрам і зноў запытаў паліцэйскага.
— А партызаны там не могуць быць?
— Ды не, няма іх тут, калі толькі ўночы могуць прыйсці ад Ельні, а гэта балотам вёрст пятнаццаць.
Быў дадзены загад дзесяці немцам застацца і сцерагчы людзей, каб не разбегліся, а астатнія паселі ў машыны і паехалі.
Застаўшыяся салдаты з аўтаматамі на шыях акружылі вяскоўцаў і сціснулі іх у кальцо, не дазваляючы нікому адысціся нават па патрэбе.
Людзі ў цеснаце прыціхлі, не ведаючы, радвацца ці гараваць, што ўцекачоў могуць у Храмку знайсці. Большасць людзей у думках карылі Рэньку за здраду, хаця яна сваім бабскім розумам бяды не прадчувала; некаторыя наадварот, хвалілі ўчынак Рэнькі, разважаючы, што калі і зловяць хлопцаў, калі і адправяць на работы ў Германію, то гэта не смяртэльна. А вось калі іх не знойдуць, знішчаць вёску ды яшчэ з людзьмі разам.
Анюта стаяла ў натоўпе і з надзеяй глядзела ў бок балота. Яна маліла Бога, каб той данёс з ветрам да партызан яе малебны кліч аб дапамозе.
Але вецер у той дзень дзьмуў у іншы бок.


Ля самага лесу павозку з хлопцамі дагнаў Змітракоў сабака Шарык, — вялізны і лахматы кабель невядома якой пароды, а больш падобны да ваўка, і толькі звернуты ў баранак хвост сведчыў здалёк, што гэта сабака.
— Глядзіце, Шарык! — Узрадваўся Змітрок, які быў самы маладзейшы, меў усяго шаснаццаць гадоў. — Дагнаў, во малайчына!
Шарык у адказ гучна забрахаў, завіхляў хвастом, а неўзабаве ўжо весела бег побач з павозкай.
Васіль не зманіў, яны выехалі на невялікую паляну, з краю якой стаяў збудаваны з жардзін шалаш, накрыты трыснягом. Ля яго квадратам размясціліся зробленыя з бярвёнаў лаўкі. У цэнтры гэтага квадрата былі бачны сляды вогнішча, некалькі абгарэлых паленаў дроў.
— Тут паляўнічыя адпачываюць, — патлумачыў Васіль. — Ну, вы размяшчайцеся, збірайце дровы для вогнішча, а я схаджу да асінавага дупла за вінтоўкай і патронамі.
Хлопцы ўзяліся разгружаць воз, у кожнага быў узяты з сабой мяшок з правіянтам на трое сутак, а таксама піла, сякера, — усё гэта аднеслі ў шалаш. Стэфан распрог каня, прывязаў да санак і палажыў яму сена. Пасля гэтага ўсе пайшлі збіраць сухастой, якога — ледзь адыйшлі ўбок — было шмат, і назбіраць яго ўвогуле было не цяжка. З дапамогай пілы і сякеры нарыхтавалі дроў, а таксама трэсак і бярозавай кары на распалку. Злажылі акуратна вогнішча, заставалася толькі паднесці запалку. Чакалі Васіля.
Васіль з’явіўся неўзабаве з вінтоўкай на плячы, але быў нечым заклапочаны.
— Не знайшоў патронаў, — далажыў ён хлопцам. — Напэўна Шарковіч забраў іх дамоў, а можа перахаваў у іншае месца. Ну, пры сустрэчы я яму дам, — прыгразіў Васіль.
Ён зняў з пляча вінтоўку і як непатрэбную рэч, павесіў яе на яловы сук ля шалаша.
— Ну, што, распалім вогнішча? — прапанаваў Ігнат.
— Не, — запярэчыў Васіль. Ён узяў кіраўніцтва ў свае рукі. — Сёння павінны прыехаць немцы, з вёскі могуць убачыць дым, запалім толькі як пацямнее. А цяпер, давайце, пераабедаем.
Гадзінніка не было ні ў кога, але па сонцы, якое зырка ззяла на небе, можна было здагадацца, што хутка поўдзень.
Паеўшы, Васіль дастаў самаробныя карты, усе дружна паселі ў кружок на бярвеннях і пачалі гуляць у дурня быццам бы на вінтоўку. На месца прайграўшага садзіліся па чарзе іншыя. За гульнёй яны не ўбачылі, як надышоў вечар.
— Калі б ведаць, што немцы паехалі, можна было б і дахаты вяртацца, — выказаў думку Кастусь, семнаццацігадовы сын беззямельнага батрака Чарневіча.
— Распальвайце вогнішча, начаваць будзем тут. А заўтра пасля абеду хто-небудзь конна з’ездзіць у вёску на разведку, — камандаваў Васіль.
З Васілём усе пагадзіліся. Спалі ў шалашы, пад ніз наслаўшы тоўсты слой хваёвых лапак. Марозік лез пад кажухі, але прытуліўшыся адзін да другога, хлопцы ўрэшце сагрэліся і заснулі. Вартаваў іх сон Шарык, які лёг не далёка ад вогнішча і чуйна драмаў, паклаўшы махнатую галаву на пярэднія лапы.
Раніцай першым заварушыўся Ігнат, які ляжаў з краю, яго стары кажушок адубеў ад марозу, і хлопец ускочыў, трасучыся ад холаду. Ён раскапаў вугалі вогнішча, налажыў сухіх дроў. У хуткім часе языкі полымя выбіліся ўверх, вогнішча разгарэлася зноў, гучна пырскаючы іскрамі. Сябрукі па начлегу адзін за другім паўзнімаліся з ляжанкі, з гіканнем, падскокамі акружылі касцёр, каб сагрэцца.
— Ну што, крыху пагрэліся, а цяпер — бягом за дрывамі, бачыце, ужо заканчваюцца, нечым будзе хутка агонь падтрымліваць, — Васіль паказаў на астатак дроў.
Усе згадзіліся і дружна ўпадбежку рушылі ў лес. Не крануўся толькі Стэфан Кухальскі.
— А ты што? — спытаў яго Васіль.
— Чуў, як бацька наказваў, каб днём не распальвалі вогнішча, бо гэта небяспечна?
— Чаго ты трусіш? Немцы былі ўчора і даўно ўжо недзе паехалі назад, дык чаго мы тут будзем мерзнуць?
— Бацька казаў ехаць на Бярэжа, туды немцы не сунуцца…
— Ну, ты гэтак яшчэ бяды накаркаеш, — злосна сказаў Васіль. — Зараз вось, хай сонца крыху паднімецца, я сам з’езджу на кані ў вёску і ўсё разведаю. Ты не дрэйфуй, Стэфан, калі і пападзёмся, дык што, можа ў Германіі лепш, чым у нас, хто ведае. А мы хаваемся…
Стэфан гаворку падтрымліваць не стаў.
Прайшло больш за гадзіну, пакуль рыхтавалі дровы. Зблізку абабраныя былі, цягалі здалёку. Паснедаўшы, папіўшы вару, зноў паселі гуляць у карты. За гульнёй заўважылі не адразу, што Шарык навастрыў вушы. Неўзабаве той ускочыў і зайшоўся залівістым брэхам. Хлопцы паўскоквалі са сваіх месцаў.
— Можа, звер які, — выказаў думку Змітрок. — Шарык заўсёды, як з ім сустрэнецца, так брэша.
Сабака, адступаючы, усё больш злосна брахаў.
Усе адчулі нядобрае і сцяліся ў чаканні.
— Давайце, разбяжымся хто куды, а? — прапанаваў Васіль.
Ды было ўжо позна, з-за кустоў на іх ішлі немцы ў перамежку з паліцаямі, ішлі з усіх бакоў.
— Хендэ хох! — Пачулася.
— Што, не зразумелі? Рукі паднімайце ўгору! — Закрычаў паліцэйскі.
Знямелыя ад страху, хлопцы адзін за другім паўзнімалі рукі.
— Абшукаць! — Паступіла далей каманда.
І паліцэйскія кінуліся абшукваць іх.
— А во ў іх і зброя ёсць, — заўважыўшы на суку вінтоўку, усклікнуў адзін з паліцэйскіх.
— Партызан! — Адзін з немцаў ткнуў дулам аўтамата ў бок Ігнату, стаяўшаму бліжэй за іншых.
Ігнат скорчыўся ад болю.
— Мы не партызаны, мы з вёскі, прыехалі ў лес па дровы.
Шарык, зайшоўшыся ад брэху, бегаў туды-сюды і, абраўшы момант, ухапіў зубамі немца за бот. Немец адскочыў убок і разануў аўтаматнай чаргой. Шарык заскуголіў і паваліўся на снег, які адразу пачаў ружавець ад крыві. Адзін з паліцэйскіх узяў забітага сабаку за лапы і ўкінуў у санкі, якія ў гэты час запрагалі двое паліцэйскіх.


Ластоўскі і нямецкі афіцэр чакалі ля машын на ўскрайку леса. Пачуўшы аўтаматную чаргу, яны схаваліся за машыну, і назіралі за лесам з-за яе, прыслухоўваючыся да кожнага гука. Улавілі, што перастаў брахаць сабака. Неўзабаве на саннай дарозе з лесу з’явілася працэсія. Пад дуламі аўтаматаў немцы вялі семярых хлопцаў, апранутых у кажухі. Калі падышлі бліжэй, то адзін з немцаў зрабіў даклад афіцэру, а паліцэйскі падаў Ластоўскаму вінтоўку, якую знайшлі ў хлопцаў.
Праз некаторы час машыны па цяжкай палявой дарозе паехалі ў накірунку вёскі. Доннік трымаў, але ж глеба ад сонца ўжо адтаяла зверху, і машыны юлозіла, месцамі буксавалі. Тады паліцаі ўпіраліся плячом у барты, піхалі грузавікі і тыя рухаліся далей.


Вясна аказалася ранняй, на раз’езджанай дарозе было ўжо шмат праталін. Конь з цяжкасцю цягнуў санкі, увесь змок, не хацеў бегчы, але Юлясь сцябаў і сцябаў яго пугай, бо трэба ж паспець даставіць Юрася, а інакш немцы расстраляюць яго сям’ю. І яны гэта зробяць, Юлясь у гэтым не сумняваўся, чуў пра іх звярыныя павадкі. “Калі Богу трэба, хай Юрась папрацуе ў Германіі”, — разважаў Юлясь. — “Ён жа не партызан які, у лагер не накіруюць”.
Юлясь куляй уляцеў у шваграў панадворак. Убачыўшы зморанага каня, ад якога ўзнімаліся клубы пару, і злога ўз’ярошанага Юляся, усе, хто быў у хаце, высыпалі на ганак. Усхваляваны Юлясь як мог карацей акрэсліў абставіны і што да чаго.
— Усё зразумела, — сказаў з суцяшэннем у голасе Грышка. — Мне трэба самому паехаць у Белеўцы, каб уладкаваць гэту справу. Давай, швагер, вывадзі майго каня, паеду конна, а я пайду апранацца, трэба не забыцца ўзяць свае дакументы.
Пакуль Юлясь сядлаў каня, Грышка з Юрасём, сабраўшыся, выйшлі з хаты. Грышка быў у паўшубку, на рукаве якога прычэплена павязка з нямецкай свастыкай, за плячыма — вінтоўка.
— Ну, кранайце, — падаў каманду Грышка. — Я паеду за вамі следам. Не заганіце каня, а то можа легчы. Калі ўсё добра, праз гадзіны дзве будзем у Белеўцах, вёрст дваццаць, болей не будзе.
— Хоць бы не спазніцца, — узмаліўся Юлясь і, укуліўшыся з Юрасём у вазок, свіснуў пугай.
Было ўжо за поўдзень, пад промнямі сонца дарога раскісла канчаткова, дзе пад горку, там Юлясь з сынам выскоквалі з вазка і дапамагалі прастаўшаму каню, падпіхвалі санкі. Грышка ехаў збоку.
— Гаварыць буду я, — казаў ён Юлясю. — Скажу па-першае, што гэта я забраў Юрася да сябе, каб уладкаваць яго да сябе на службу. А па-другое, — Грышка крыху задумаўся, — няхай Юрась робіць выгляд, што не супраць таго, каб ехаць у Германію, ды каб ніяк не абмовіўся, што яму было вядома пра адпраўку ў Нямеччыну. Зразумела?
— Зразумела, — адказалі ў адзін голас бацька з сынам.
— Абы дапамагло. Грыша, на цябе ўся надзея, Калі Бог дасць уладкуецца, усё жыццё буду табе ўдзячны.
— Думаю, усё будзе добра, не хвалюйся, Юлясь, — Грышка сцёбнуў плёткай свайго каня і паімчаў рыссю наперад.
Юлясь усю дарогу мармытаў сабе пад нос малітву, сын сядзеў побач, не надта перажываючы за тое, што з ім будзе. Яму было ўсё роўна: “Германія дык Германія, хоць свету пабачу”, — думаў Юрась.


Затрыманых падвялі да калгаснай канюшні, дзе стаялі пад аўтаматамі сагнаныя з вёскі людзі, і сярод іх былі бацькі злоўленых у лесе юнакоў. Апошніх паставілі ля канюшні, тварам да сцяны, недалёка ад дзвярэй.
Ластоўскі падазваў да сябе трох паліцаяў і штосьці ім сказаў. Тыя выклікалі з натоўпу Здзіслава Кухальскага і павялі ў бок вёскі. Будынкі Кухальскага стаялі недалёка ад канюшні, і хутка ўсе вярталіся назад, а паліцаі неслі маткі вяровак.
Акружаныя немцамі людзі напружана чакалі, што будзе далей, і там, і тут енчылі дзеці. Маткі арыштаваных хлопцаў галасілі. Паліцаі нарэзалі восем кавалкаў вяровак аднолькавай даўжыні. І натоўп замёр у напружанай цішыні з адзінай на ўсіх думкаю: “Не можа быць!”
Паліцаі завязалі восем петляў, замацавалі вяроўкі на перарубе ў канюшні.
“Няўжо?” — застылі людзі.
А калі пачалі звязваць рукі стаяўшым ля сцяны, страх пакінуў вяскоўцаў, натоўп заракатаў у буры гневу. Паток жудасных праклёнаў хлынуў, панёсся на фашыстаў. Некалькі больш адчайных паспрабавалі прарвацца праз кальцо аховы, каб ратаваць зусім непавінных юнакоў. Ім шлях перагарадзілі стаяўшыя ў ачапленні дужыя паліцаі. Немцы застракаталі з аўтаматаў паверх натоўпу. Кулі пагражальна пранесліся над галовамі людзей. Здавалася, яшчэ крыху, і ўсе будуць пастраляныя. Аднак гэта разгневаных, узрушаных да мяжы вяскоўцаў не магло супакоіць.
Ластоўскі тым часам падбег да паліцэйскіх, што вязалі хлопцам рукі, і пачаў крычаць на іх, каб хутчэй упраўляліся і заводзілі на пакаранне.
Прарваўшы акружэнне, маці аднаго з прыгавораных юнакоў з апошняй надзеяй кінулася ў ногі Ластоўскаму, пачала цалаваць яго гразныя боты, просячы літасці.
ссылка http://files.mail.ru/8YUSHV скачать, полная версия

настроение:Любознательное

Нравится

Вы не можете комментировать, т.к. не авторизованы.